АРА́БСКАЯ ПАРО́ДА верхавых коней. Выведзена арабамі ў 4—8 ст. на Аравійскім п-ве шматвяковым адборам. Выкарыстоўвалася ў розных краінах свету пры стварэнні і ўдасканаленні арлоўскай рысістай, чыстакроўнай верхавой, тракененскай і інш. парод. Арабскую пароду гадуюць у Індыі, Пакістане, Егіпце, Турцыі, ЗША, Канадзе, краінах Еўропы. На Беларусі перспектыўная ў спорце, турызме.

Коні невялікія (выш. ў карку жарабцоў 151, кабыл 148 см), вельмі прыгожыя і грацыёзныя. Маюць высокую пладавітасць, непераборлівыя, трывалыя. Масць шэрая, гнядая, рыжая. Рэзвасць на 1000 м — 1 мін 8 с; 1600 м — 1 мін 48,8 с; 2700 м — 2 мін 41 с.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)